70 лет Победы

Детская страничкаВянок Дрыбіншчыныэтнографическая комната Черневка


Праздники Беларуси  

    Народные промыслы - Шаповальство


Карта распаўсюджвання промысла      У кастрычніку 2009 года Беларуская навукова-метадычная рада аднагалосна вырашыла прыдаць рамяству дрыбінскіх шапавалаў статус аб'екта дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей рэспублікі. У 2012 годзе дрыбінскае шапавальства стала атрымальнікам гранта і пераможцам адкрытага конкурса "Укрепление общественного взаимодействия для устойчивого развития сельских регионов Беларуси", які праводзіцца інфармацыйна-адукацыйнай установай "Новая Евразия". Сабраны пакет дакументаў для ЮНЕСКА. У сучасны час членамі Беларускага саюза майстроў прызнаны: Чараповіч Таццяна Міхайлаўна, Масалава Жана Мікалаеўна, Асмалоўскі Уладзімір Станіслававіч.

    Калі на Дрыбіншчыне ўзнікла шапавальства, дакладна невядома. Вядомы беларускі этнограф Еўдакім Раманавіч Раманаў выказваў меркаванне, што на пачатку XVIII ст. быў толькі фальварак Дрыбін і вёска Стары Дрыбін. Адзін з уладальнікаў маёнтка для таго, каб прыцягнуць жыхароў да новага месца, пачаў запрашаць усіх сяліцца на гэтай зямлі. Спачатку яны былі вольнымі сялянамі, потым іх сталі далучаць да адбывання "баршчыны" і іншых павіннасцей.

     У ліку пасяліўшыхся ў Дрыбіне сялян былі выхадцы са смаленскіх, ніжнегародскіх губерняў, дзе ўжо атрымаў развіццё шэрстабітны промысел. Пасяліўшыся на новым месцы, яны не забылі свайго промысла і пачалі рабіць тое, што карысталася попытам – лямцы (падкладкі пад хамут) і шапкі. Валянне шапак і дало кустарам назву – "дрыбінскія шапавалы". З цягам часу яны пачалі далучаць да гэтага рамяства тутэйшых жыхароў і шапавальства распаўсюдзілася па ўсёй воласці.Майстар за справай

     Другое паданне аб узнікненні гэтага промыслу заключаецца ў тым, што ўладальнік маёнтка Отан Цеханавецкі аддаў некалькі чалавек сваіх маладых сялян для вывучэння валяльнаму майстэрству ў Ніжнегародскую губернію. Сяляне, вярнуўшыся на радзіму, працавалі на памешчыка і перадавалі веды сваім дзецям.

     У канцы ХІХ ст. тутэйшыя ўмельцы аддавалі перавагу адыходнаму промыслу, пры якім не трэба было набываць матэрыял, рыхтаваць тавар на сваю рызыку і шукаць спосабы збыту. Адыходніцтву спрыяла і тое, што ніякіх складаных прыстасаванняў і інструментаў шапавальства не патрабуе. Нездарма пра майстроў казалі: "Дзе шапавал стаў, там яго і стан". У сцену ўбівалі жалезны крук, за які чаплялі брынду (выгнутая палка са струною з авечай кішкі). Тут жа падвешвалі рашотку з лучыны, на якую клалі воўну.

     Майстры пачыналі хадзіць па вёсках пасля заканчэння палявых работ, звычайна з сярэдзіны верасня і да 20 снежня. Больш як 650 чалавек з Дрыбінскай воласці, сабраўшы свае няхітрыя інструменты, на плячах са знакамітай "брындай" ішлі па ўсіх кутках Расіі. Як сведчыць Раманаў, адзін шапавал (Шарлоўскі) нават трапіў у Злучаныя Штаты Амерыкі, дзе жыў доўгі час і высылаў сям’і больш як 300 руб. у год.

    Але асноўная маса шапавалаў зарабляла промыслам ў сярэднім па 25 руб., яшчэ менш зараблялі шапавалы, якія аседла працавалі дома. Іх тавары оптам скуплялі купцы з Магілёва, Горак, Мсціслава. Таму жыццё кустара-шапавала, адзначаў Е.Р.Раманаў, нічым не адрознівалася ад жыцця іншых сялян, аднак "кустар некалькі больш развіты і адукаваны, хітрэйшы, чым іншыя сяляне".

     У 80-я гады ХІХ ст. у Дрыбіне і Дрыбінскай воласці налічвалася 504 шапавалы. У Старым Дрыбіне гэтым промыслам займаліся 92 чалавека, у Дрыбіне – 152, у Картыжах – 32, у Пакуцці і Галалобаўцы – па 30 чалавек, Паташні - 27, Лядзешні і Бестрані – па 23, Халіпах – 21, Карэбах – 17, Ляскоўцы - 15, Палосках – 14, Каратыжках – 10, Панечы і Вербе – па 7, Пічаўцы і Шаблавах – па 2.

Назва населенага пункта

Колькасць
двароў

Усяго
жыхароў

Колькасць двароў,
дзе займаліся
шапавальствам

Стары Дрыбін

50

162

21

Паташня

23

80

19

Лядзешня

17

62

15

Дрыбін

219

1174

6

Бестрань

18

51

5

Панеча

15

45

4

Халіпы

20

77

4

Пічаўка

3

12

2

      Пад час сваіх вандровак па вёсках дрыбінскія шапавалы карысталіся сваёй умоўнай мовай, якая атрымала назву "катрушніцкі лемязень". Ужывалася яна, каб трымаць у сакрэце тое, пра што гавораць. Паводле запісаў Е.Р.Раманава, лексічны склад налічваў каля 915 слоў і ахопліваў 13 паняційных груп:

  1. З’явы і прадметы прыроды
  2. Прадметы духоўныя
  3. Чалавек
  4. Ежа
  5. Адзенне
  6. Жыллё, начынне, прылады
  7. Жывёлы
  8. Расліны
  9. Ужывальныя дзеясловы
  10. Ужывальныя займеннікі
  11. Ужывальныя лічэбнікі
  12. Ужывальныя прыметнікі
  13. Прыслоўі

     Большасць паняццяў выражаліся агульнаўжывальнымі беларускімі словамі, замененымі спецыфічнымі прыстаўкамі: "ку" - (куград, кулуг, куцэгла), "шу" - (шурака, шукума), "бе" - (беяго, беяе). Сустракаліся вузкадыялектныя словы: пісарыць – пісаць, моршчык – нос. Асобныя словы ўтвараліся перастаноўкай складаў: ласома – салома. Ужываліся словы іншамоўнага паходжання: з грэчаскага лыкус – воўк. Асновы слоў маглі быць невытворнымі (сван – сват, хаз – двор) і вытворнымі (псаліць – пець, сіворка – зіма). Сказы ў "катрушніцкім лемязені" утвараліся па ўзору агульнанароднай мовы. Напрыклад, "гурь маньку хавбов" – дай мне грошай. Часам яго не ведалі нават усе члены сям’і, якія займаліся шапавальствам.

       Прылады працы

      Адметнай рысай шапавальскага рамяства з’яўляецца тое, што яно не патрабуе складаных прылад працы і прыстасаванняў. На Дрыбіншчыне шапаваламі ўжываліся наступныя прылады працы:

  1. "Брында", называемая таксама "струна", сустракалася назва “лучок”. Гэта выгнутая палка, на якой з аднаго канца на другі нацягнута тоўстая струна з авечай кішкі. Часам кішкі замяналіся тонкімі моцнымі пяньковымі шнуркамі. Гэты інструмент рабіўся самім саматужнікам. Драўляная частка ў вялікіх выпадках выстругана з дошкі.
  2. Рашотка з лучыны, звязаная шнуркамі, рабілася таксама шапаваламі.
  3. Драўляныя калодкі – так званыя "балванкі", вырабы саматужнікаў, якія выкарыстоўваліся для таго, каб выпрастаць і надаць правільную форму валенкам і магеркам.
  4. "Правідлы" – выраб саматужнікаў, якія выкарыстоўваліся для надання правільнай формы халявам валенак.
  5. Шчотка з дроту – ужывалася саматужнікамі для надання таварнага выгляду сваім вырабам.
  6. "Плацік" – палатно хатняй вытворчасці.
  7. Невялікі жалезны крук, ці баёк, байдзік, які рабіўся кавалём -– служыў для надання хістальнаму руху брындзе.
  8. Нажніцы
  9. Ігла кравецкая
  10. Драўлянае кола, якое рабілася па заказу.
  11. Падсцілка – палатняная.
  12. Рубіха – выраб саміх саматужнікаў, якое выкарыстоўвалася для лепшага звальвання вырабаў.
  13. Рабрыстая дошка – выраб з дрэва, на якім саматужнік звальваў сваі вырабы.

Баек
Баёк

Калодкі для шапак (магерак) і капялюшаў
Калодкі для шапак (магерак)
і капялюшаў
Калодкі для валенак
Калодкі для валенак
Пруток (рубель)
Пруток
(рубель)
Брында

Брында

Рабрыстая дошка
Рабрыстая дошка

  

     Але сёння адбылася мадэрнізацыя прылад працы шапавала, якая выклікала за сабой замену ручной працы на механічную. Адпала неабходнасць у выкарыстанні такіх прылад працы, як брында, рашотка з лучыны, жалезнага крука, шчоткі з дроту. Усё гэта заменена зараз машынаю. У цяперашні час авечая воўна рыхтуецца для валяння на воўначасальнай машыне.

       Тэхналагічны працэс валеных вырабаў

      Сырцом для шарстабітнага і валяльнага промысла на Дрыбіншчыне ў асноўным служыла авечая воўна (шэрсць)  (лепш за ўсё воўна авец  Раманаўскай пароды). Воўна авец гэтай пароды добра паддаецца валянню. Для валёнкаў выкарыстоўвалі таксама шэрсць, знятую са скур рагатых жывёл у чыстым выглядзе ці змешаную з авечай воўнай.

      Вопытным вокам шапавалы вызначаюць вясновая гэта воўна альбо летняя. Ды і прадаўцы, як правіла, сакрэту з гэтага не робяць, паколькі якасць відавочна. Воўна вясновай стрыжкі больш доўгая і прамая. Яе выкарыстоўваюць для вязання шкарпэтак і рукавіц. Купляць трэба воўну летняй стрыжкі. Яна карацей, добра звальваецца. Шапалалы выбіраюць воўну чыстую, без каўтуноў. Таксама шапавалы выконвалі заказы з воўны, якую прыносілі мясцовыя жыхары для вырабу валенак. А яшчэ шапавалы закуплялі воўну па хатах. Гэта шмат аблягчала падбор воўны, так як у вёсках добра ведалі, хто якіх авец трымаў, і хто калі іх стрыг.

      Нарыхтаваўшы і атрымаўшы ад заказчыка воўну, шапавал гатаваў яе да часання: выбіраў смецце, разбіраў рукамі, перабіваў яе. Рабілася гэта рупліва, таму што ад чысціні і раўнамернасці змешвання залежыць якасць будучага вырабу.

      У цяперашні час для часання воўны выкарыстоўваецца спецыяльная часальная машына. А ў тыя далёкія часы для часання воўны ўжывалася "брында", якая служыла для яе рыхлення і ўяўляла сабой палку даўжынёй каля 70 см, на якой была нацягнута струна з авечай кішкі. Прыладу вешалі на сцяну, а пад ёю на вышыні 1,5 м прымацоўвалі рашотку з лучыны, звязанай вяровачкамі, шырынёй каля 1 м. Па баках рашоткі прывязвалі кавалкі палатна ў выглядзе кішэні, куды падала бітая воўна. На рашотку клалі воўну. Левай рукой рамеснік трымаў брынду, а правай удараў па струне ўдарным інструментам – байком – бярозавым бруском даўжыней 20 см, альбо жалезным кручком. Струна хісталася, выдаючы траскучы, брынькаючы гук, і разрыхляла воўну. Перабіванне воўны патрабавала вялікага ўмення. Упаўшую воўну забаранялася мяць і комкаць. Трэба, каб рукі былі сухімі. Ад сырых рук і сырасці воўна раней часу звальвалася.

      Калі воўна гатова, шапавал закладвае, так званую, "аснову". Вырабленне асновы з’яўляецца важнейшай аперацыяй вытворчасці валенак і аказвае рашучы ўплыў на якасць прадукцыі. На правільнасць закладкі асновы шапавал звяртае асаблівую ўвагу. Таўшчыня сценак гатовага валенка на розных участках неаднолькавая. Яны таўсцей у месцах, падвергнутых узмоцненым уздзеянням, у мысе, і наадварот, тонкія ў месцах, не вытрымліваючых гэтых уздзеянняў. Для атрымання ўстаноўленай таўшчыні сценак валенка, неабходна ў месцах асабліва "адказных" накладваць воўну дадаткова. Таму што пры закладцы асновы валенага абутку трэба дабівацца правільнага размеркавання воўны па яе частках: у сярэдзіну кладуць воўны больш, чым па краях.

      У залежнасці ад памера абутку і таўшчыні сценак для выраблення асновы патрабуецца розная колькасць воўны. Неабходна сачыць, каб на кожны валенак выдаткоўвалася ў залежнасці ад яго памера, загаддзя ўстаноўленая колькасць. Так, на мужчынскія валенкі воўны неабходна да 1 кг 200 г, а на жаночыя – 800-850 г, але з іх кладуць на "плацік" не ўсю, а У шапавала В. Зюлікаватолькі пэўную частку, а астатнюю выкарыстоўваюць пасля для ушчыльнення і запайкі швоў. Для закладкі асновы шапавал рассцілае на стале ці дошках мокрае палатно, так званы “плацік”. Затым ад узважанай порцыі воўны аддзяляюць яе і выраўніваюць. Потым палатно разам з воўнай скручваюць. Шапавал пачынае рукамі катаць яго па сталу, прыдаўліваючы яго рукамі ад кісцей да локця. Рукі змяшчае ад цэнтра да краю, нібы кухарка раскатвае цеста. І так некалькі хвілін. За гэты час воўна дае асяданне, ушчыльняецца і звальваецца. Палатно разгортваецца, зваляный "пляйстрык" асцярожна падымаецца і пераварочваецца на другі бок. Пасля гэтага шапавал прашчупвае выраб і, калі знойдзе тонкія месцы, то дабаўляе воўну з астаўленай для ўшчыльнення і запайкі швоў. Затым зноў переварочвае пляйстрык у першапачатковы стан, пры гэтым скатвае яго ў палатно яшчэ раз. Працэс ушчыльнення паўтараецца. Пасля таго, як дастаткова ўшчыльнілі аснову, шапавал надае воўне форму валенка, загарнае краі пляйстрыка і крыху прымінае яго. Каб у сярэдзіне валенак не зросся, унутр кладуць газету, альбо матэрыю і толькі тады - "душу". "Душа" – гэта прамавугольны кусочак ушчыльненай воўны.

      Наступная аперацыя – гэта пакрыццё зверху загатовак астатняй воўнай  так, каб мыс адной часткі прылягаў да халявы другой. Усё гэта зноў скручваецца і катаецца (на мове шапавала – гэта называецца снаваць). Калі воўна добрая, то снуюць 2-3 разы, пры гэтым разварочваюць палатно і мяняюць размяшчэнне валенак у даўжыню і шырыню. Палатно (адно) змочваецца ў халаднаватай вадзе і абавязкова выкручваецца. Пасля таго, як шапавал "саснаваў" загатоўкі, ён разварочвае палатно і правярае, ці не зрасліся загатоўкі ўнутры. Калі воўна сцапілася, яе асцярожна разрываюць. На гэтым першы цыкл валяння валенак заканчваецца, “аснова гатова да вады”.

      Для наступных аперацый была так званая майстэрня-шапавальня. Гэта пабудова накшталт драўлянай лазні. Памеры яе былі розныя, але, як правіла, яна была не больш 3 метраў у шырыню і даўжыню. Сцены бравенчатыя на імху ці саломе. Столь дашчатая. Падлога земляная. Пасярэдзіне складзена печ-пліта, на якой знаходзіцца чыгун. Каля сцяны знаходзяцца сталы, каля дзвярэй размешчана паліца з калодкамі.

      Зваленую аснову кладуць на рабрыстую дошку, абліваюць, як мага часцей, гарачаю вадой (80%) і труць рубіхай да тых пор, пакуль валенкі не звальваюцца. Цярэць пачынаюць з мысу, а затым у наступнай паслядоўнасці: халява, пятка, пасля агульная абкатка. Валёнак пераварачваюць на другі бок і пачынаюць усё спачатку. Так працягваецца 4 разы.

      Упэўніўшыся, што ўсе месцы правалены добра і  маюць аднолькавую шчыльнасць, шапавал выварачвае валенкі наадварот. Пачынаецца гэты працэс з мысу. Пасля гэтага ў мыс валёнка заталківаюць калодку, і ў халяву "правідлы" пярэднія і заднія. Калі трэба расшырыць халявы, то шапавал убівае паміж правідламі клін. Ну вось, усё гатова. Зараз, калі ёсць якія-небудзь няроўнасці, то шапавал раз-другі прайдзецца рубіхай, зараўняе і на печ, сушыць валенкі. Трэба, каб печ была не гарачая. Калі ўнутры сушаць валенкі, то абавязкова выграбаюць увесь жар. Калі валенкі высахнуць, іх асцярожна абсмальваюць. Пасля чаго можна яшчэ пачысціць пемзай, раней пемзу замяняла шчотка з дроту.

       Акрамя таго гатовыя валенкі па жаданню заказчыка ці шапавала чарніліся. Для гэтага патрабавалася 1 ст. лыжка чорнай суконнай фарбы, 1 стакан воцату (калі яго не было, то шапавалы дабаўлялі жыжку ад капусты, толькі не салёную, бо соль раз’ядала валенак). Усё гэта залівалі халоднай вадой ў 16-літровы чыгун і давадзілі да кіпення, пасля чаго туды клалі гатовыя валенкі, якія кіпяць там на працягу 2-х часоў (валенкі трэба абавязкова пераварачваць). Пасля гэтага валенкі спаласкваюць у халоднай вадзе, каб вымылася лішняя фарба. Валенкі гатовы.

        Тыпалогія валеных вырабаў

    Шэрстабітны станок Усе вырабы, якія рабіліся шапаваламі з мястэчка Дрыбін і яго наваколля, былі даволі нязграбныя і грубыя. Але былі майстры, якія выраблялі вельмі якасныя вырабы. Работы іх славіліся тым, што вырабленыя імі валенкі і шапкі былі вельмі моцныя і прыгожыя. Адным з самых вядомых вырабаў, вырабляемых шапаваламі, былі шапкі, так званыя "магеркі", "маргелкі", якія лічыліся неад’емнай часткай мясцовага гарнітура, а таксама былі распаўсюджаны па ўсёй Беларусі. Гэта магчыма прасачыць па расказу Максіма Гарэцкага "Тамашы", у якім вясковы дзед расказвае Мішку Тамашову пра яго бацьку і заканчвае свой аповед словамі: "Ат, даўно тое было. А мне памятна, бо я ў тое лета магерку, з кірмашу ехаўшы, па дарозе пасеяў - шэрую, дрыбінскай шапавальскае работы". Дык  што страціў дзед і чаму гэта яму запомнілася? Магерка – гэта галаўны убор, які насілі мужчыны круглы год у 16-19 ст. па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Магеркі рабіліся дрыбінскімі шапаваламі двух відаў: паўдвайныя і двайныя. У першым выпадку яны былі завернуты да паловы вышыні, аколыш шчыльна прылягаў да верху. У двайных магерак ён даходзіў да самага краю.

     Па спосабу выраблення яны дзяліліся на лямцавыя (валяныя з воўны) і сшытыя з 4-х кускоў тоўстага валянага палатна. Рабілі магеркі вышынёй 15-20 см белага, шэрага, карычневага і чорнага колераў. Больш распаўсюджанымі былі лямцавыя. Яны мелі выгляд каўпака альбо ўсечанага конуса. Прадавалася магерка на рынку па цане ад 15 да 30 кап.

     Разам з шапкай-магеркай, дрыбінскія шапавалы валялі і рад іншых вырабаў - вырабы для конскай збруі: лямцы, брыль – мужскі галаўны убор. Валяныя, войлачныя брылі насілі ў любую пару года, формай і памерамі валяныя брылі былі блізкія да саламяных, але лініі пераходу ў іх больш мяккія, пластычныя, а аздабленне больш сціплае. Яны таксама былі распаўсюджаны па ўсёй Беларусі.

     Лямец – валяный матэрыял з воўны. Выкарыстоўваўся для вырабу конскай збруі – хамутоў, потнікаў, падсядзельнікаў. Вартасць валяных вырабаў залежала ад таго, з якім матэрыялам працаваў шапавал. Калі з матэрыяла заказчыка, то цана залежала ад дагавору. Таму сярэдняя цана за выраб валёнак была 30-50 кап., лямца – 20-30 кап., войлака – да 1 руб., шапкі – да 15 кап., брылька – да 30 кап.

     Некаторыя шапавалы займаліся вырабам шарсцяных рукавіц. Для гэтага на драўлянае кола наматвалі шарсцяныя ніткі, на якіх кручком кустар звязваў рукавіцы дакладна, як вязалі шарсцяныя шалі, сурвэткі. Пасля таго, як рукавіца была звязана, яе валялі, ад чаго яна рабілася зусім шчыльнай. Пара такіх рукавіц на рынку каштавала ад 20 да 30 кап.

    Але не толькі такім спосабам на Дрыбіншчыне шапавалы выраблялі рукавіцы. Вядомы рукавіцы, якія называліся "сподкі" і рабіліся яны з 2-мя і з 3-мя пальцамі. Па тэхналогіі выраблення яны падобны на валенкі, але зрабіць іх мог не кожны майстр, так як пры іх вырабленні неабходна валодаць вызначанымі звычкамі. Традыцыі гэтага рамяства дайшлі і да нашых дзён. Сёння катанне валенак існуе не толькі ў вёсках, але і ў гарадах. Многія майстры атрымалі рамесныя навыкі і прылады працы ў спадчыну ад бацькоў і дзядоў. У шэрагу вёсак, дзе існуе авечкагадоўля, гаспадыні займаюцца апрацоўка воўны для ткацтва посцілак і вязання прадметаў адзення.

Яны могуць падзяліцца рамяством : рэкамендацыйны спіс літаратуры / Дзяржаўная ўстанова культуры «Дрыбінская бібліятэчная сетка», Дрыбінская цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; [складальнік А. А. Шэрснева ; рэдактар Л. В. Дзямідава]. – Дрыбін : Дрыбінская цэнтральная раённая бібліятэка, 2016. – 8 с.

Скачать

Што сказаў катрушнік : рэкамендацыйны спіс літаратуры / Дзяржаўная ўстанова культуры «Дрыбінская бібліятэчная сетка», Дрыбінская цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; [складальнік А. А. Шэрснева ; рэдактар Л. В. Дзямідава]. – Дрыбін : Дрыбінская цэнтральная раённая бібліятэка, 2016. – 8 с.

Скачать

Адраджэнне шапавальнага промыслу : рэкамендацыйны спіс літаратуры / Дзяржаўная ўстанова культуры «Дрыбінская бібліятэчная сетка», Дрыбінская цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; [складальнік А. А. Шэрснева ; рэдактар Л.  В.  Дзямідава]. – Дрыбін : Дрыбінская цэнтральная раённая бібліятэка, 2016. – 8 с.

Скачать

Романов, Е. Катрушницкій лемезень : (Условный язык шерстобитов м.Дрибин) / Е. Романов; Дзяржаўная ўстанова культуры «Дрыбінская бібліятэчная сетка», Раённы інфармацыйна-ідэалагічны Цэнтр; склад. Л.В. Дзямідава, рэд. М.А. Сакалова . - Дрыбін, 2016. - 22 с.: іл.

Скачать

Што чытаць пра шапавальства? : бібліяграфічны паказальнік [Тэкст] / склад. Л.В. Дзямідава; рэд. М.А. Сакалова; дызайн вокладкі Н.А. Барбацько; Дзяржаўная ўстанова культуры «Дрыбінская бібліятэчная сетка», Раённы інфармацыйна-ідэалагічны Цэнтр. - Дрыбін, 2016. - 17 с. 

Скачать

Шаповальство на Дрибинщине : информационное издание / Государственное учреждение культуры "Дрибинская библиотечная сеть" ; Дрибинская центральная районная библиотека ; Районный информацинно-идеологический центр ; [сост. Л. В. Демидова ; ред. М. А. Соколова]. - Дрибин, 2017. - 10 с.: ил.  

Скачать


         


РИИЦПЦПИв помощь специалисту


Яндекс.Метрика